Фальклорнае свята «Беларускія вячоркі»
21 красавіка 2021 г. студэнты філалагічнага і гістарычнага факультэтаў ГДУ імя Ф. Скарыны на базе славянскай бібліятэцы зладзілі вясковае свята «вячоркі».
«Вячоркі» - гэта даўні звычай вясковых дзяўчат і хлопцаў збірацца восеньскімі і зімовымі вечарамі за працай у адным доме. Яны звычайна пралі, вышывалі, расказвалі цікавыя гісторыі, жарты, гулялі у гульні, дзяліліся прымаўкамі і спявалі песні. Вячоркі пачыналіся пасля заканчэння летне-асенніх палявых работ, кульмінацыя іх прыходзілася на перыяд калядаў.
Студэнты філолагі 1 курса і студэнты 3-4 курсаў гістфака вельмі добра ўжыліся ў свае ролі і арганічна ўзнавілі атмасферу вясковай хаты пад час святочнага застолля. У гэты дзень у чытальнай зале славянскай бібліятэкі прагучала шмат народных беларускіх песен, такіх як, «Пусці, маці, пагуляці, я не запазнюся, скажу хлопцам: “Добры вечар!” і дамоў вярнуся», «Раман, Раман, Раманіку, пусці мяне да даміку», «Стукалка грукалка» і шмат іншых. Акрамя таго, госці мерапрыемства ўбачылі масавы танец, які называецца «Лявоніха», а так сама вельмі прыгожы танец – «Беларуская кадрыля».
Увесь рэквізіт — касцюмы, посуд, частункі ў застоллі былі характэрнымі для беларускай вёскі XIX - XX стагоддзяў. Усё гэта ўплывала на агульнае адчуванне свята.
Ганаровая госця свята, былы выкладчык кафедры беларускай літаратуры філалагічнага факультэта ГДУ імя. Ф. Скарыны, пляменніца беларускага пісьменніка Івана Мележа Вера Савельеўна Генаш. Вера Савельеўна з вялікім натхненнем сачыла за тым, што адбываецца на невялічкай сцэне і задала студэнтам цікавую загадку, якую ніхто разгадаць так і не здолеў. Падтрымаць студэнтаў гісторыкаў так сама прыўшоў Павел Леанідавіч Ждановіч, асістэнт кафедры гісторыі славян і спецыяльных гістарычных дысцыплін гістарычнага факультэта ГДУ. Напрыканцы доктар філалагічных навук прафесар Валянціна Новак падзякавала ўсім арганізатарам і удзельнікам за такое яркае і вясёлае прадстаўленне. Студэнтам і гледачам пажадала далучацца да роднага слова і да беларускага пазаабрадавага фальклору.
Сільчанка Станіслаў,
Клешчанка Мікіта
студэнты групы Г-31
гістарычнага факультэта